МАДУЛЯ́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змена ў часе паводле зададзенага закону інтэнсіўнасці светлавога патоку. Неабходна для перадачы па светлавым прамяні інфармацыі (тэлевізійнага адлюстравання, гаворкі), для аптычнай лакацыі і далёкаметрыі.

Бывае ўнутраная (ажыццяўляецца ўздзеяннем на крыніцу святла) і знешняя (уздзеяннем на светлавы паток). Для знешняй М.с. выкарыстоўваюць мадулятары, пераважна электрааптычныя (ячэйкі Кера, элементы Покельса). З паяўленнем магутных кагерэнтных патокаў святла ад лазераў пачала ажыццяўляцца фазавая М.с., пры якой паводле зададзенага закону зменьваецца зрух фазы светлавых ваганняў.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)